Маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў плануюць без чаргі прапаноўваць жыллё ў малых гарадах
20.01.2025
Маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў плануюць без чаргі прапаноўваць жыллё ў малых гарадах і вёсках, паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч сёння на прэс-прэзентацыі асноўных напрамкаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адным з напрамкаў жыллёвай палітыкі будзе развіццё гарадоў-спадарожнікаў і прынцып зваротнай міграцыі насельніцтва ў малыя і сярэднія гарады. Прычына даволі банальная - чым большы горад, тым большая ў ім чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку шматдзетных сем'яў. Плануецца прапаноўваць грамадзянам, якія нядаўна былі прыняты на ўлік маючых патрэбу і якім трэба ў абласным цэнтры стаяць у чарзе яшчэ гады, палепшыць свае жыллёвыя ўмовы без чаргі ў малых і сельскіх населеных пунктах, колькасць жыхароў якіх не перавышае 20 тыс.", - расказаў Руслан Пархамовіч.
Пры гэтым іх права на атрыманне дзяржпадтрымкі будзе захавана ў абавязковым парадку. "На нашу думку, гэта спыніць прырост тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў і знаходзіцца на ўліку 10 і больш гадоў", - дадаў міністр.
Комплексную індывідуальную жылую забудову хочуць ажыццяўляць сіламі аднаго забудоўшчыка, у тым ліку "для ўпарадкавання і паляпшэння архітэктурнага аблічча населеных пунктаў".
"Устанаўленне мараторыя на выдзяленне грамадзянам зямельных участкаў па будаўніцтве індывідуальнага жылля без наяўнасці інжынерна-транспартнай інфраструктуры дапаможа вырашыць праблему масавых даўгабудаў у кварталах прыватнай жылой забудовы", - лічыць Руслан Пархамовіч.
Усё новае жыллё будзе энергаэфектыўным. У 2025 годзе ўвод у эксплуатацыю шматкватэрных жылых дамоў з выкарыстаннем электрычнай энергіі для вода-, цеплазабеспячэння, прыгатавання ежы складзе не менш за 30 працэнтаў ад агульнага аб'ёму пабудаванага жылля.
Даступнасць жылля плануюць павялічыць, нарошчваючы аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля.
Сярэдні кошт 1 кв.м жылля з дзяржпадтрымкай не перасягне сярэднюю зарплату па краіне. Паводле слоў міністра, гэты параметр вытрымліваецца апошнія чатыры гады.
Мінбудархітэктуры таксама задумала лічбавізацыю будаўнічай галіны. У бягучым годзе павінен пачаць працаваць дзяржаўны будаўнічы партал.
"Дзякуючы гэтым мерам узровень забяспечанасці насельніцтва жыллём да 2025 года складзе не менш як 28,5 кв.м на чалавека", - рэзюмаваў Руслан Пархамовіч.
Па матэрыялах сайта БЕЛТА.