Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.07.2020

"Зажынкі", вытворчы турызм і развіццё прадпрыемстваў - Сергяенка наведаў Ваўкавыскі раён

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка з рабочай паездкай наведаў Ваўкавыскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Сергяенка азнаёміўся ў цэлым з развіццём рэгіёна, работай некалькіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, пагутарыў з іх калектывамі.

"Сёння бачна, што Ваўкавыскі раён жыве, працуе і дынамічна развіваецца. І ў рэгіёне, і на прадпрыемствах выконваюцца ўсе сацыяльныя стандарты. Так, узнікаюць розныя пытанні: людзей, напрыклад, хвалююць тэмы добраўпарадкавання, стану мясцовых дарог, будаўніцтва спартыўных аб'ектаў. Важна, што кіраўніцтва раёна бачыць праблемы, унікае ў патрэбы людзей, трымае руку на пульсе", - адзначыў Ігар Сергяенка.

Частка пытанняў будзе знята ў бліжэйшы час, частка - у наступным годзе. Напрыклад, запланавана комплекснае добраўпарадкаванне пасёлка гарадскога тыпу Краснасельскі, адкрыццё там лазні. Інфармацыя аб гэтым была агучана кіраўніцтвам раёна ў час сустрэчы Ігара Сергяенкі з калектывам ААТ "Краснасельскбудматэрыялы". Сёння гэта адзін з вядучых вытворцаў цэменту ў краіне. Амаль 30 працэнтаў прадукцыі накіроўваецца на экспарт.

"У няпросты час у гэтым годзе тут не скарацілі вытворчасць, пашыраюць рынкі збыту, калектыў працуе, зарплата, прычым дастойная, выплачваецца своечасова", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дарэчы, цяпер на прадпрыемстве развіваюць пакуль яшчэ новы для сябе напрамак - вытворчы турызм. З'явіцца новы турмаршрут, які расказвае пра векавую гісторыю завода. Абавязковым пунктам стане і наведванне "беларускіх Мальдываў" - такую назву далі кар'ерам прадпрыемства за вельмі прыгожыя краявіды. Там з'явіцца аглядная пляцоўка.

Ігар Сергяенка адзначыў, што дынамічна развіваецца і сельская гаспадарка рэгіёна. У бягучым годзе больш як на 10 працэнтаў узрасла вытворчасць малака, добрыя перспектывы па нарыхтоўцы кармоў, атрыманы і высокі ўраджай рапсу. З работай галіны Ігар Сергяенка азнаёміўся на прыкладзе ААТ "Хацькоўцы", дзе прыняў удзел у "Зажынках", якія традыцыйна апярэджваюць этап уборкі збожжавых. Ён у полі пагутарыў з механізатарамі, вадзіцелямі, іншымі работнікамі гаспадаркі. Разлікі на ўраджай добрыя, таму, падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, важна ўбраць збожжавыя своечасова і без страт.

Таксама Ігар Сергяенка пабываў у размешчаным у Ваўкавыску ЗТАА "Бел-ОБСТ" - адным з буйнейшых у краіне вытворцаў фруктова-ягадных напаўняльнікаў. На прадпрыемстве працуюць амаль 120 чалавек, прадукцыя пастаўляецца як беларускім партнёрам, так і на экспарт.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.