У гэтым годзе змена была прысвечана здзяйсненню праекта “Крокі да Перамогі”.
Для старшакласнікаў (у лагер прымаюць дзяцей з 14 гадоў) — гэта магчымасць не толькі адпачыць у кампаніі сяброў, але і зарабіць грошы. 12 рабят нашай установы працавалі ў гэтым годзе на палетках гаспадаркі РСКУП “Ваўкавыскае”. У першую палову дня разам з выхавальнікамі Марыяй Васільеўнай Савіцкай і Юліяй Міхайлаўнай Ілючак дзеці займаліся праполкай, падрыхтоўкай складоў да ўборкі збожжавых, у другую — у лагеры праходзілі выхаваўчыя мерапрыемствы: квэст-гульня “75 гадоў Вялікай Перамогі”, інтэлектуальна-патрыятычная гульня “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь”, забаўляльная праграма “Вакол свету за 18 дзён”, краязнаўчае падарожжа “Жыві, працуй і квітней на славу Радзімы, наш край!”, свята мячоў і паветраных шароў “Вясёлыя шары” і іншыя.
— Лагер працы і адпачынку сапраўды добрая форма занятасці для школьнікаў на час канікулаў. Бацькам не трэба турбавацца, чым займаюцца дзеці, пакуль яны на працы. Да таго ж у лагеры арганізавана трохразовае харчаванне (сняданак, абед і падвячорак), прадумана забаўляльная праграма і плюс — дзеці атрымаюць зарплату. Выказваем словы падзякі адміністрацыі гаспадаркі, арганізатарам працоўнага дэсанту, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы, бяззменны дырэктар лагера Ілона Якаўлеўна Малчанава.
18 дзён праляцелі хутка, але ўсе яны былі прадуктыўнымі і насычанымі і надоўга застануцца ў памяці дзяцей.
Таццяна РАДЗЕЙКА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэплеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".