Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
17.09.2021

Луцкі: мы выхавалі маладое пакаленне дастойнымі патрыётамі

Мы выхавалі маладое пакаленне дастойнымі патрыётамі, заявіў сёння журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі па выніках адкрытага дыялогу з камандзірамі, камісарамі студэнцкіх атрадаў, кіраўнікамі працоўных праектаў. Мерапрыемства прайшло ў Рэспубліканскім доме моладзі як частка форуму студэнцкіх атрадаў "Маладосць. Праца. Адзінства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сучасная моладзь - добрая. Мне асабліва хацелася б пагаварыць на тэму студэнцкіх атрадаў: гэта важная выхаваўчая функцыя. Паколькі праца - важны элемент нашага жыцця. І прыцягваць да працы, прывіваць разуменне каштоўнасці працы важна з малога ўзросту", - сказаў Ігар Луцкі.

Паводле яго слоў, сёння адкрыты дыялог у Рэспубліканскім доме моладзі сабраў шырокі спектр удзельнікаў. "Былі прадстаўнікі ВНУ, студатрадаўскага руху. Мне вельмі спадабалася. Добрыя пытанні задавала моладзь. Ёсць разуменне таго, што людзі робяць і для чаго яны гэта робяць. Мы на некаторых момантах акцэнтавалі ўвагу. У прыватнасці на тым, што неабходна пашыраць магчымасці працы для моладзі. Тыя льготы і прэферэнцыі, якія дзяржава вызначыла для студатрадаўскага руху, беспрэцэдэнтныя. На тэрыторыі постсавецкіх дзяржаў мы, напэўна, адзіныя, хто захаваў гэты рух у такім маштабе, - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Таму ўсё тое, што сёння адбываецца напярэдадні вялікага свята - Дня народнага адзінства - умацоўвае веру ў тое, што маладое пакаленне мы выхававалі дастойнымі патрыётамі нашай краіны".

Дарэчы, у свой час Ігар Луцкі таксама быў байцом будатрада. "Гэта было даўно, у пачатку 90-х. Гэта быў будаўнічы атрад. Ляцець самалётам трэба было 3,5 гадзіны. Але я хачу сказаць, што тады студэнцкія, будаўнічыя атрады выхоўвалі характар і давалі магчымасць праявіць сябе ў калектыве. Калі працуе каманда, ты адчуваеш плячо і локаць сябра і саратніка. Гэта выхоўвае, перш за ўсё, чалавека і яго разуменне каштоўнасці працы для яго асабіста і для краіны, у якой ён жыве", - канстатаваў ён.

Рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў "Маладосць. Праца. Адзінства", прысвечаны Дню народнага адзінства, пройдзе ў Мінску 15 і 16 верасня. Напярэдадні самага маладога дзяржаўнага свята краіны ў Мінску сустрэліся больш за 700 удзельнікаў працоўнага руху з усіх рэгіёнаў Беларусі. Маладзёжная каманда для ўдзелу ў форуме была сфарміравана на конкурснай аснове. Гэта байцы працоўных праектаў "Горад маладосці", "Атлант 2021", "Талачын 2021", "Арляня", "Кузбас 300", абласных маладзёжных будоўляў, лепшыя юнакі і дзяўчаты, якія праявілі сябе ў час работы атрадаў у раёнах.

У першы дзень удзельнікі форуму знаёмяцца са спецыфікай работы Парка высокіх тэхналогій, а таксама прадпрыемстваў Мінска і вобласці, такіх як "Атлант", БЕЛАЗ, МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, "БелДжы" і іншых. Тут яны абмяняюцца кампетэнцыямі, абмяркуюць з кіраўніцтвам фарміраванне і работу студатрадаў. Традыцыйна ў праграму форуму ўключаны патрыятычны блок. Моладзь ускладзе кветкі да памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Беларусі, стэлы "Мінск - горад-герой", высадзіць у парку Перамогі на месцы закладкі яблыневага саду ў гонар 100-годдзя камсамола 17 маладых яблынь, якія ўвасабляюць мір, яднанне і дружбу, упрыгожыць кожнае дрэва чырвона-зялёнай стужачкай. Акрамя таго, моладзь наведае Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў форуму "Маладосць. Праца. Адзінства" стане аднайменны рэспубліканскі марафон студатрадаў. Яго старт запланаваны сёння ў Палацы Рэспублікі ў час гала-канцэрта майстроў мастацтваў і творчых калектываў студэнцкіх атрадаў. Гэта будзе сапраўднае свята з падвядзеннем вынікаў трэцяга працоўнага семестра і ўшаноўваннем лепшых удзельнікаў руху.

У другі дзень форуму адбудзецца Адкрыты чэмпіянат "Ведаю Беларусь" сярод удзельнікаў студатрадаў па скораснай зборцы спілс-карт краіны.

Арганізуе форум БРСМ. Студатрадаўскі рух - адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У гэтым годзе Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў рэалізаваў пяць рэспубліканскіх і міжнародных працоўных праектаў. У складзе студатрадаў працаўладкаваны больш за 26 тыс. юнакоў і дзяўчат. Працоўны семестр прадаўжае актыўная фаза работы студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.