Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.09.2021

Аўтапрабег "Сімвал адзінства" фінішаваў ля мемарыяльнага комплексу "Курган Славы"

Апошняй кропкай рэспубліканскага аўтапрабегу "Сімвал адзінства" стаў мемарыяльны комплекс "Курган Славы" ў Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Патрыятычнае мерапрыемства прайшло ў кожным рэгіёне Беларусі. Аўтапрабег ахапіў 118 раёнаў за 13 дзён. Кожны раён перадаваў удзельнікам марафону імянныя мяшочкі са збожжам новага ўраджаю, якія сталі сімвалам аб'яднання і яднання. На пляцоўцы мемарыяльнага комплексу "Курган Славы" ўдзельнікам аўтапрабегу сёння была перададзена апошняя частка ўраджаю для таго, каб спячы сімвалічны каравай.

"Мінская вобласць рыхтавалася да гэтай падзеі. Удзельнікі аўтапрабегу аб'ядналі ветэранаў, працаўнікоў вёскі, моладзь, прынеслі дух патрыятызму, згуртаванасці народу і краіне. Гэта немагчыма не адчуваць. Важна, што пачатак быў пакладзены ля сцен Брэсцкай крэпасці, а сёння аўтапрабег завяршаецца каля Кургана Славы. Гэта сакральныя і святыя месцы для кожнага беларуса. На гэтай памяці, гісторыі і традыцыях мы выбудоўваем фундамент нашай суверэннай, незалежнай і працвітаючай Беларусі", - сказала старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.

Кіраўнікі РГА "Патрыёты Беларусі" Сяргей Рачкоўскі і Ганна Харута адзначылі, што аўтапрабег аб'яднаў дзясяткі тысяч неабыякавых да лёсу краіны людзей, якія натхнілі на новыя праекты. "У першую чаргу хочацца сказаць, што мы дома, а ў другую - падзякаваць усім тым, хто дапамог ажыццявіць ідэю аўтапрабегу. Спачатку не верылася, што атрымаецца аб'ехаць усе раёны. Але дзякуючы падтрымцы нам удалося гэта рэалізаваць. Усюды сустракалі вельмі сардэчна, гасцінна, далучаліся да нас. У адных раёнах было 30 машын, у іншых намнога больш. Атрымалася аб'яднаць дзясяткі тысяч людзей, якія будуць падтрымліваць ідэю яднання і пасля, - сказалі кіраўнікі. - На працягу аўтапрабегу, размаўляючы з людзьмі, наведваючы значныя для краіны мясціны, унікальныя аб'екты ў глыбінках, натхніліся на новыя праекты - дома падумаем, як іх рэалізаваць".

Сярод удзельнікаў аўтапрабегу - Марына і Андрэй Гузгэ. Яны падзяліліся, што такі марафон стаў для іх не проста сімвалам аб'яднання, але і адкрыцця. "Убачылі, колькі цудоўных мясцін ёсць у Беларусі. Усвядомілі, што не абавязкова выязджаць за межы краіны - шмат захапляючага і пазнавальнага для сябе можна знайсці ў межах той жа Мінскай вобласці. Таму ўсім раім адкрываць родную краіну", - адзначылі яны.

Аўтапрабег "Сімвал адзінства" стартаваў у Брэсцкай крэпасці 3 верасня. Ён прымеркаваны да Года народнага адзінства.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.