Афіцыйны сайт
2 лютага 2018

Зрабілі справаздачу аб зробленым і абмеркавалі планы. Адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Ваўкавыскім раённым выканаўчым камітэце

На яго былі запрошаны таксама прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферах, што закранулі змены, уведзеныя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2017 г. № 345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання".

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райвыканкама і старшыня савета па развіцці прадпрымальніцтва Міхаіл Сіцько, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Андрушкевіч падвялі вынікі праведзенай у мінулым годзе работы па фарміраванні спрыяльнага бізнэс-клімату ў раёне, удасканаленні ўмоў дзейнасці суб'ектаў прадпрымальніцтва, падтрымцы ў рэалізацыі праектаў па стварэнні ці пашырэнні сваёй справы.

Варта адзначыць, што даць справаздачу ёсць аб чым. Пасяджэнні савета па развіцці прадпрымальніцтва праводзіліся часцей прадугледжаных планам штоквартальных, што сведчыць аб нефармальным падыходзе да функцый савета. Актыўнасць стымулявала прыняцце ў Беларусі шэрагу дакументаў, накіраваных на лібералізацыю заканадаўства ў сферы прадпрымальніцтва: іх патрабавалася абмеркаваць, разабрацца з практычным прымяненнем новых прававых нормаў. Былі і іншыя пытанні, вырашэнню якіх спрыяла абмеркаванне на савеце.
Год таксама быў насычаны мерапрыемствамі, закліканымі пашырыць дзелавыя сувязі нашых бізнэсмэнаў, дапамагчы ім выйсці за межы свайго раёна, наладжваючы ў тым ліку міжнароднае супрацоўніцтва, умацаваць станоўчы імідж прадпрымальніцтва сярод насельніцтва, асабліва ў маладзёжным асяроддзі. Сярод найбольш маштабных падзей можна назваць наш рэгіянальны міжнародны эканамічны форум «Крок насустрач», у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзелавых колаў Польшчы, падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве з Падляскім Клубам Бізнэсу, дзелавая сустрэча з паслом Рэспублікі Малдова. Выклікалі вялікую цікавасць і прыцягнулі вялікую колькасць удзельнікаў мерапрыемствы, якія праводзіліся ў рамках беларускага Тыдня прадпрымальніцтва: выстава-прэзентацыя вясельных паслуг, сустрэчы бізнэсмэнаў са школьнікамі, конкурс дзіцячага малюнка на тэму «Я — будучы прадпрымальнік» і іншыя. Карыснымі былі арганізаваныя райвыканкамам сустрэчы прадпрымальнікаў з прадстаўнікамі банкаўскіх арганізацый, структур дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, мясцовай улады, розных міністэрстваў і ведамстваў, што курыруюць сферу прыватнай ініцыятывы і дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Агульныя вынікі сведчаць аб тым, што бізнэс у раёне рэальна развіваецца: толькі зноў створаныя за 2016-2017 гады прадпрыемствы дадалі 100 новых працоўных месцаў для ваўкавычан. Так, напрыклад, у ТАА «РЭА БЕЛ» з удзелам польскага інвестара, які прыступіў да працы ў лютым 2017-га, было створана 27 працоўных месцаў. У шэраг асноўных сталі ўваходзіць прадпрыемствы, на якіх працуюць больш за 100 чалавек.

Год пачынаецца актыўна
Сам факт справаздачы аб выкананні пастаўленых задач гаворыць пра неабходнасць зацвярджэння новых. Таццяна Андрушкевіч азнаёміла членаў савета з праектам плана работы на бягучы год. Год гэты пачынаецца вельмі актыўна, паколькі з 26 лютага па 3 сакавіка ў рэспубліцы праходзіць III Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва. Запланаваны ўдзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах і правядзенне ўласных. У іх ліку два конкурсы. Сярод прадпрымальнікаў вызначаць лепшых па некалькіх намінацыях, якія характарызуюць паспяховасць дзейнасці. Для школьных бізнэс-кампаній аб'яўляецца конкурс на распрацоўку брэнда горада Ваўкавыска. Пераможцам уручаць узнагароды 15 сакавіка на пашыраным пасяджэнні савета па развіцці прадпрымальніцтва, дзе будуць падводзіцца вынікі правядзення Тыдня. Адбудзецца чарговая выстава-прэзентацыя, на гэты раз яна будзе прысвечана тэме «Выпускны вечар-2018». Акрамя таго, намечана правесці цэлы шэраг мерапрыемстваў кансультацыйнага характару для моладзі, беспрацоўных і ўсіх жадаючых павысіць сваю фінансавую пісьменнасць, бліжэй азнаёміцца з асновамі вядзення бізнэсу і магчымасцямі арганізацыі ўласнай справы. Гэта работа будзе працягвацца на працягу ўсяго года. Больш таго, як праінфармавала Т. Андрушкевіч, па ініцыятыве абласнога выканаўчага камітэта ў нашым раёне намечана адкрыццё бізнэс-інкубатара. Задачай такога роду ўстаноў з'яўляецца падтрымка  прадпрымальнікаў, якія толькі пачынаюць сваю справу, у ажыццяўленні іх праектаў, суправаджэнне стартапаў на розных стадыях увасаблення бізнэс-ідэі.
Добрую магчымасць вывучыць карысны вопыт і падзяліцца сваім, усталяваць дзелавыя сувязі могуць даць выязныя пасяджэнні савета па развіцці прадпрымальніцтва, куды ўваходзяць нашы вядучыя бізнэсмэны. Такую ідэю прапанаваў М. Сіцько, паабяцаўшы садзейнічанне ў яе рэалізацыі. Запланаваны і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне і развіццё супрацоўніцтва з бізнэс-коламі як гарадоў-пабрацімаў Ваўкавыска, так і іншых супольнасцяў.
Падкрэсліваючы ўсебаковую падтрымку дзяржавай развіцця прыватнай ініцыятывы, сенатар заклікаў прадпрымальнікаў больш актыўна ўдзельнічаць у выбарах. Што тычыцца цяперашніх, кандыдатам у дэпутаты на Ваўкавышчыне вылучаны толькі адзін бізнэсмэн. Але наперадзе шмат выбарчых кампаній і прадстаўнікам бізнэсу важна ісці ва ўладу, каб абараняць свае інтарэсы,  садзейнічаць удасканаленню ўмоў для развіцця прадпрымальніцтва. Сумеснымі намаганнямі мы зможам пераадолець усе цяжкасці і вырашыць усе пытанні, трэба толькі, каб канструктыўныя ідэі, прапанаваныя ўладай, сустракалі  ініцыятыву ў адказ і падтрымку бізнэсмэнаў, сказаў на заканчэнне М. Сіцько.
Законы на практыцы
Наступныя два пункты парадку дня пасяджэння тычыліся рэалізацыі на практыцы нормаў Дэкрэта № 7 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і Указа № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Загадчыкі сектарам па рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання і прадпрымальніцтву аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Холапава і сектарам гандлю і паслуг Іна Цімахавец асноўную ўвагу надалі зменам, якія павінны ўнесці ў арганізацыю сваёй працы прадпрымальнікі ў адпаведнасці з гэтымі дакументамі.

Галоўны санітарны ўрач раёна Таццяна Андзюкіна дапоўніла інфармацыю, больш падрабязна спыніўшыся на новым парадку прымянення санітарных нормаў і правілаў.

У ходзе пасяджэння паступіла пытанне аб стаўках арэнднай платы. Сутнасць у тым, што прадпрымальнікі, якія закрываюць ІП і пераходзяць да працы ў статусе фізічнай асобы, разам з пэўнымі перавагамі атрымліваюць і праблему ў выглядзе аўтаматычнага павышэння платы за арэндуемыя памяшканні. Механізм гэтага «пабочнага эфекту» растлумачыў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Васілий Серы. Для ІП пры разліку арэнднай платы прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,4. З пераходам у катэгорыю фізічных асоб права на такі каэфіцыент страчваецца, а гэта значыць, што арэндная плата адразу павышаецца на 40 працэнтаў. В. Серы ўдакладніў, што гэты каэфіцыент дзейнічае толькі пры арэндзе нерухомасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці або ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы больш за 50 працэнтаў. А ў сельскай мясцовасці арэнда ў такіх выпадках прадастаўляецца наогул бязвыплатна. Што ж тычыцца астатніх суб'ектаў гаспадарання, то яны не абавязаны ўжываць асобныя каэфіцыенты і ўсталёўваюць арэндную плату па дамове бакоў.

Як сказала Таццяна Андрушкевіч, у аблвыканкам будзе накіраваны запыт аб патэнцыйных зменах у заканадаўстве ў частцы арэнды дзяржмаёмасці. У заключэнне намеснік старшыні райвыканкама праінфармавала ўдзельнікаў пасяджэння аб прынятым 28 снежня 2017 года Законе «Аб ратыфікацыі Гарантыйнага пагаднення (праект «Пашырэнне доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь») паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця». У адпаведнасці з падпісаным Пагадненнем аб пазыцы Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця прадугледжвае вылучыць 60 мільёнаў долараў ЗША для мэтаў рэалізацыі дадзенага праекта. Прыцягненне гэтых сродкаў будзе спрыяць далейшаму развіццю прадпрымальніцтва ў нашай краіне.