Афіцыйны сайт
5 лютага 2018

XVII міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест» пройдзе ў Гродне з 4 па 10 лютага

 Ён збярэ 35 калектываў з 8 краін. Упершыню прыедуць удзельнікі з Чарнагорыі і Македоніі, таксама выступяць свецкія і царкоўныя хоры з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Узбекістана і Румыніі. У цэлым жа геаграфія гасцей будзе прадстаўлена дзевяццю краінамі: сярод членаў журы конкурсу – госць з Парыжа, рэгент архіерэйскага хору.

Як адзначыў старшыня журы, клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, член Беларускага саюза кампазітараў, протаіерэй Андрэй Бандарэнка, «Каложскі благавест» – гэта не толькі конкурс песнапенняў. Гэта фестываль праваслаўнай культуры. І яна будзе прадстаўлена ў самых розных аспектах. Традыцыйна ў дні фестывалю пройдзе кіналекторый. 5 лютага ў кінатэатры «Чырвоная зорка» гледачы ўбачаць і змогуць абмеркаваць дакументальную стужку «Патрыярх Ціхан». Адкрыюцца некалькі тэматычных выстаў. З 4 лютага – у царкоўна-прыхадскім комплексе Каложскай царквы можна наведаць экспазіцыю «Святыя навамучанікі Беларускай Царквы». Студыі выяўленчага і прыкладнога мастацтва прадставяць сваю творчасць у абласным метадычным цэнтры ўжо 5 лютага. З аўторка ў музеі гісторыі рэлігіі будзе працаваць выстава «Радуйся, райскае дрэва!», прысвечаная 1030-годдзю хрышчэння Русі. У гэты ж дзень жадаючыя змогуць наведаць вечар духоўнай паэзіі і песні ў актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора.
Галоўнай жа складальнай фестывалю па-ранейшаму застаецца конкурс калектываў. Праслухоўванні пройдуць 8 і 9 лютага ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Сярод удзельнікаў нязменна ёсць дзіцячыя калектывы, у гэтым годзе іх дзесяць. Ім, падкрэсліў Андрэй Бандарэнка, заўсёды надаецца асаблівая ўвага: менавіта дзеці наследуюць і працягваюць пеўчыя традыцыі свайго рэгіёна. А яны, дарэчы, адрозніваюцца нават у межах Гродзенскай дыяцэзіі, не кажучы ўжо пра прадстаўнікоў іншых краін. Пачуць самыя розныя манеры выканання можна менавіта на фестывалі.

Дырэктар фестывалю Наталля Гаплінчык, выкладчык Гродзенскага музычнага каледжа, рэгент храма ў гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых, адзначыла, што 10 лютага раніцай госці прымуць удзел у набажэнствах ва ўсіх храмах горада і выканаюць малітвы разам з прыходскімі хорамі. Так, удзел у літургіі ў Кафедральным саборы прыме вялікі хор, які аб'ядноўвае больш за сорак чалавек з Чарнагорыі, горада Котар. У Каложскай царкве пачуем маскоўскі камерны хор Кафедральнага саборнага Храма Хрыста Збавіцеля. Ва Уладзімірскай царкве ўдзел у літургіі прыме яшчэ адзін маскоўскі калектыў – маладзёжны хор з Ясенева. Для тых, хто пабывае на службе ў гэты дзень, упэўнены арганізатары фестывалю, удзельнікі адкрыюцца з новага боку. Бо адна справа – выконваць песнапенні са сцэны, і зусім па-іншаму яны гучаць у храмах. 

Для тых, хто жадае дакрануцца да праваслаўнай культуры, большасць мерапрыемстваў бясплатнае. Уваход па квітках толькі на ўрачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, а таксама канцэрт у Цэнтры культуры. Для тых, хто не зможа прысутнічаць на фестывалі, на сайце Гродзенскай Епархіі будзе арганізавана анлайн трансляцыя праслухванняў у Кафедральным саборы і гала-канцэрта ўрачыстага закрыцця фестывалю.