Афіцыйны сайт
14 ліпеня 2018

Ваўкавыск святкуе Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сотні жыхароў прынялі ўдзел у мітынгу і прайшліся па вуліцах горада

Роўна 74 гады таму, 14 ліпеня 1944 года, савецкія войскі ў ходзе наступальнай аперацыі «Баграціён» вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ваўкавыск і тэрыторыю раёна. Сёння горад святкуе чарговую гадавіну вызвалення — як заўсёды, маштабна і ярка, нягледзячы на не самае святочнае надвор'е.

А 11 раніцы мітынг у скверы Памяці сабраў каля Вечнага Агню кіраўніцтва раёна і жыхароў Ваўкавыска, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх аб'яднанняў, моладзі і старэйшага пакалення. Да прысутных звярнуўся старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатолій Ігнатовіч, а ад імя маладога пакалення выступіла навучэнка Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, член БРСМ Валянціна Карповіч. Пад акампанемент праліўнога дажджу і грукату грому прагучалі словы пра ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвіг землякоў у ваенныя гады і дзесяцігоддзі аднаўлення краіны ў мірным жыцці, і ў кожным выступленні была падзяка ветэранам за цяперашнюю свабоду. Пасля хвіліны маўчання ў памяць аб загінуўшых усе, хто прысутнічаў на мітынгу, усклалі вянкі і кветкі да помнікаў мемарыяльнага комплексу сквера Памяці і сквера воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Затым па вуліцах горада прайшло ўрачыстае шэсце. Як у старыя добрыя часы, у калоне былі лепшыя работнікі арганізацый раёна, прадстаўнікі розных грамадскіх аб'яднанняў. Прыехалі на свята і вайскоўцы з 86-й Ваўкавыскай брыгады сувязі, якая дыслакуецца ў Калодзішчах пад Мінскам, але традыцыйна папаўняецца навабранцамі ў асноўным з нашага раёна. Спынілася святочная калона на ўпрыгожанай плошчы імя Леніна, дзе ўсё ўжо было гатова да правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і віншаванняў, што прагучалі са сцэны ад кіраўніцтва раёна і ганаровых гасцей, святкаванне працягваецца канцэртам удзельнікаў фестывалю «Сяброўскі фэст». На плошчы працуюць шматлікія гандлёвыя кропкі, атракцыёны, выставы вырабаў рамеснікаў. А наперадзе — яшчэ шмат яркіх святочных падзей!

Больш фота ТУТ

Наш час