Афіцыйны сайт
31 студзеня 2018

У Ваўкавыскім раёне стартуе акцыя МНС «Бяспека – у кожны дом»

У мэтах павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва ў Ваўкавыскім раёне з 1 па 28 лютага пройдзе рэспубліканская акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жылым сектары «Бяспека – у кожны дом».

У 2017 годзе на Гродзеншчыне адбылося 715 пажараў, якія забралі жыцці 50 чалавек. У бягучым годзе - 71 пажар, загінулі 7 чалавек. Статыстыка паказвае на тое, што пераважнай прычынай гібелі людзей ад пажараў у жылых дамах і кватэрах з'яўляецца вынік бестурботнасці і пагарды правіламі бяспекі – так званы чалавечы.

1-й этап пройдзе з 1 па 9 лютага ў аддзяленнях дзённага знаходжання грамадзян на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Работнікі МНС навучаць пажылых людзей, пенсіянераў, адзінока пражываючых грамадзян правільным дзеянням у выпадку ўзнікнення той ці іншай НС.

На 2-м этапе з 12 па 20 лютага эстафету бяспекі падхопяць сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Ратавальнікі арганізуюць для навучэнцаў і студэнтаў тэматычныя гульнявыя праграмы, ток-шоу, прафілактычныя гутаркі, правядуць адпрацоўку планаў эвакуацыі ў выпадку пажараў і надзвычайных здарэнняў. Мерапрыемствы пройдуць як на базе навучальных устаноў, так і ў інтэрнатах.

3-й этап акцыі пройдзе з 21 па 27 лютага ў санаторыях, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе работнікі МНС правядуць лекцыі, тэматычныя конкурсы і віктарыны, прадэманструюць тэматычныя фільмы і ролікі, арганізуюць канцэртныя праграмы.

Завершыцца акцыя 28 лютага ў месцах масавага знаходжання людзей. Ратавальнікі са сваімі юнымі памочнікамі правядуць конкурсы і віктарыны на лепшыя веды правілаў бяспекі, навучаць правільным паводзінам дзяцей і дарослых.