Афіцыйны сайт
16 лютага 2018

У Ваўкавыскім раёне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Шэрагам ўрачыстых падзей была адзначана ў нашым раёне 29-я гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

14 лютага дэлегацыя ў складзе старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Івана Агейца, воіна-інтэрнацыяналіста Святаслава Каралюка, начальніка групы сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння ваеннага камісарыята Вольгі Пракопчык і першага сакратара Ваўкавыскага райкама БРСМ Максіма Харытоніка адправілася наведаць родных трох нашых землякоў, якія загінулі на афганскай вайне, — Юрыя Грыгуця, Васілія Яфімава і Івана Ясюкевіча. Дзвюм салдацкім маці і ўдаве напярэдадні памятнага дня госці, уручыўшы кветкі і падарункі, пажадалі здароўя і бадзёрасці духу, падзякаваўшы за тое, што былі побач са сваімі роднымі, якія аддалі жыццё па клічы Радзімы.





Раніцай 15 лютага да магіл воінаў, якія загінулі ў Афганістане, усклалі кветкі члены раённай арганізацыі БСВВА, прадстаўнікі ідэалагічнага аддзела райвыканкама, БРСМ, РГА «Белая Русь», ваеннага камісарыята. Перад хвілінай маўчання яны расказвалі моладзі пра подзвіг людзей, якія загінулі на вайне ў такім жа маладым узросце.

Працягнуліся мерапрыемствы мітынгам у скверы Памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабраліся, акрамя непасрэдных герояў урачыстасці, прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх аб'яднанняў, моладзі і старэйшага пакалення. Аб подзвігу простых савецкіх хлопчыкаў і дзяўчынак і пра ўрокі афганскай вайны для будучыні гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько і старшыня раённай арганізацыі ГА «БСВВА» Іван Агеец. Усе схілілі галовы падчас хвіліны маўчання ў памяць аб загінуўшых воінах-інтэрнацыяналістах. Клірык Свята-Благавешчанскага храма святар Сергій Дзяшук памаліўся за спачын душ герояў афганскай вайны, а затым прысутныя ўсклалі да мемарыяльнага комплексу вянкі і кветкі.






























Затым у гарадскім Доме культуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэтую дату нельга адназначна называць святочнай, бо з ёй асацыіруюцца цалкам супрацьлеглыя эмоцыі: з аднаго боку, гэта сапраўды радасць ад таго, што дзевяцігадовая вайна скончылася, але з іншага — смутак аб сотнях і тысячах сыноў, мужоў і бацькоў, якія не вярнуліся адтуль. Такім было і свята ў ГДК: у ім знайшлося месца як журботным, так і прыемным момантам. Іван Агеец расказаў аб жыцці і справах раённай «афганскай» арганізацыі за мінулы год, павіншавалі ўсіх з гэтай знамянальнай датай і ўзнагародзілі воінаў-інтэрнацыяналістаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Навіцкі і намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кашкевіч.

Выступалі і ўручалі ўзнагароды таксама першы сакратар райкама БРСМ Максім Харытонік, начальнік РАУС Максім Руды, прадстаўнікі аддзела Дэпартамента аховы, ваенны камісар Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў Сяргей Ігнатовіч, старшыня раённага савета ветэранаў Анатолій Ігнатовіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Аляксандр Кароль, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Вячаслаў Гусак, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Лідзія Ігнацік і старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Віктар Паўловіч.

Асобнай увагі ўдастоіліся жанчыны, якія служылі ў Афганістане, ім падарункі ўручыла прадстаўнік раённага жансавета, загадчык натарыяльнай канторай Ірына Саўко.

А артысты гарадскога Дома культуры падрыхтавалі цудоўныя і разнастайныя канцэртныя нумары, адны з якіх краналі душу і прымушалі залу слухаць іх стоячы, а іншыя зараджалі аптымізмам і верай у лепшае.
Павлович.

















Наш час