Афіцыйны сайт
8 студзеня 2018

Тварыць дабро проста. Дабрачынная калядная акцыя па зборы падарункаў для дзяцей-інвалідаў прайшла ў крамах сеткі «Еўраопт»

Напярэдадні зімовых святаў мы жывем чаканнем цуду, думаем пра падарункі, дорым адзін аднаму ўсмешкі і добрыя пажаданні.

Дзіцячыя крамы запоўнены дарослымі, якія спяшаюцца купіць цацкі сваім дзецям. А  ёсць жа ў нашым грамадстве тыя, хто асабліва мае патрэбу ва ўвазе: дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з праблемных сем'яў, дзеці-інваліды.Знайсці час у перадсвяточнай мітусні, каб падарыць ім цяпло, - галоўны пасыл дабрачыннай акцыі «Дарогаю дабра», арганізаванай прадстаўнікамі маладзёжнага брацтва прыходу святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла Увядзенскага храма сумесна з маладзёжным брацтвам прыходу святых Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Свята-Благавешчанскага храма. Дзецям з няпростым лёсам важна адчуць сябе патрэбнымі і роўнымі. І шчодрасць дабрачынцаў, вядома, адыгрывае тут немалаважную ролю.

Традыцыйна напярэдадні каталіцкага і праваслаўнага Ражства Хрыстова ў крамах сеткі «Еўраопт» па вуліцах Сацыялістычнай, Гарбатава і С. Панковай вучні нядзельных школ раздавалі людзям візітныя карткі і прапаноўвалі прыняць удзел у вышэйназванай акцыі. Людзі з радасцю дзяліліся падарункамі, набытымі прама ў краме. Яны шчодра напаўнялі загадзя падрыхтаваныя карзіны рознымі пачастункамі і цацкамі. 

Пасля Боскай літургіі, якая адбудзецца 8 студзеня ў малым Увядзенскім храме прыходу святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, усе сабраныя ахвяраванні будуць перададзены дзецям з абмежаванымі магчымасцямі.

  
Сайт раённай газеты "Наш час"