Афіцыйны сайт
19 студзеня 2018

Цяплом Вадохрышча сагрэтыя. У купель ледзяную ўступілі сотні жыхароў Ваўкавышчыны

19 студзеня праваслаўны свет адзначыў вялікае свята – Вадохрышча Гасподне. Паводле падання ў гэты дзень хрысціўся Ісус Хрыстос у водах ракі Іардан.

Адсюль і традыцыя - надзяляць хрышчэнскую ваду гаючымі ўласцівасцямі. Прынята запасацца ёю і абмывацца ў палонцы. Вернікі  лічаць, што, акунуўшыся, чалавек змывае з сябе ўсе грахі, загартоўвае не толькі цела, але і душу. 

Наследуючы традыцыям, самыя адважныя жыхары нашага раёна вырашылі акунуцца ў палонку ў выглядзе крыжа на вадасховішчах «Дамба» і санаторыя «Пралеска». У Ваўкавыску купанням папярэднічаў абрад асвячэння хрышчэнскай вады, які правёў настаяцель храма Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы протаіерэй Дзмітрый Бялоцкі. Пасля сумеснай малітвы ўсе жадаючыя змаглі ўвайсці ў купель. Перахрысціўшыся, людзі з галавой тройчы акуналіся ў свянцоную ваду - уся працэдура займала менш за хвіліну.

Лёгкі тэмпературны мінус не напалохаў многіх вернікаў. Прыязджалі да вадасховішча цэлымі працоўнымі калектывамі, сем'ямі. У палонку акуналіся не толькі мужчыны, але і жанчыны, а таксама дзеці. Халодныя водныя працэдуры прымалі і тыя, хто рэгулярна гартуецца, займаецца маржаваннем - купаюцца зімой не толькі з задавальненнем, але і з карысцю для здароўя. Яны паказалі прыклад іншым смельчакам і атрымалі масу станоўчых эмоцый.