Афіцыйны сайт
5 лютага 2018

Сітуацыя не выйшла за рамкі прагнозу. Як вядзецца работа па забеспячэнні занятасці насельніцтва Ваўкавыскага раёна

31 студзеня ў сетцы Інтэрнэт на партале tut.by размешчана інфармацыя, у якой паведамляецца, што «У Беларусі змяніліся лідары ў рэйтынгу самы «беспрацоўны» і самы «працавіты» раёны. Рэйтынг самых беспрацоўных раёнаў Беларусі ўзначаліў Ваўкавыскі. Тут на пачатак гэтага года афіцыйна непрацаўладкаванымі былі 0,9% эканамічна актыўнага насельніцтва, або 298 чалавек».

Наколькі дакладная такая інфармацыя і чым тлумачацца гэтыя лічбы?  На працягу ўсяго мінулага года мясцовай уладай і аддзелам занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама рэгулярна праводзіліся «кірмашы вакансій», арганізоўвалася прафесійнае навучанне і перанавучанне і іншыя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць працаўладкаванню нашых землякоў...
Мы папрасілі пракаменціраваць сітуацыю і адказаць на шэраг пытанняў па гэтай праблеме начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ваўкавыскага райвыканкама Таццяну Янкоўскую.

— Актыўная інфармацыйная кампанія па садзейнічанні занятасці, якую мы разгарнулі ў мэтах аказання дапамогі людзям, якім гэта неабходна, спрыяла таму, што да нас стала звяртацца вялікая колькасць грамадзян. Паведамленні аб штотыднёвых «кірмашах вакансій», якія праводзяцца кожны чацвер з 10 да 11 гадзін, мы размяшчаем на сайтах «Нашага часу» і райвыканкама, у раённай газеце «Наш час», а таксама на інфармацыйным стэндзе кіравання эканомікі. Таму на першы «кірмаш», які адбыўся 21 сакавіка, напрыклад, з'явіліся 120 чалавек, 24 сакавіка — 74.

Аднак паступова колькасць грамадзян, якія ўдзельнічаюць у «кірмашах», стала зніжацца. Бывала, прыходзілі па 2-3 чалавекі, аднойчы быў нават адзін. Думаю, што гэта звязана з сезоннасцю работ у некаторых арганізацыях, таму што з заканчэннем сезону лічбы зноў сталі расці. Гэта наглядна пацверджана складзеным намі графікам.

 

Калі на 1 студзеня 2017 года ўзровень беспрацоўя складаў 0,8%, то на 1 красавіка — 1,2%, 1 ліпеня, з пачаткам сезонных работ, — 0,9%, 1 кастрычніка — 0,8%, і 1 студзеня 2018 года — 0,9%.
— Але штосьці ўсё ж такі прынеслі раёну «кірмашы вакансій»?
— Безумоўна. Усяго за сакавік—снежань быў арганізаваны 41 «кірмаш», па выніках якіх прапанавана працаўладкаванне на пастаянную і часовую працу 572 чалавекам. Часцей гэта былі «кірмашы» тэматычныя. Напрыклад, для пэўных наймальнікаў. Многія сельскагаспадарчыя арганізацыі сёння маюць патрэбу ў аператарах машыннага даення і жывёлаводах. Але асабліва вострая сітуацыя склалася ў «Падароску» і «Шылавічах». Для працаўладкавання ў сельскай гаспадарцы беспрацоўным прапаноўвалася жыллё або дастаўка транспартам сельгаспрадпрыемства на працу і назад. Даяркам гарантавалася зарплата не менш за 600 рублёў. Мы нават прапаноўвалі працаўладкаванне па праграме перасялення з усімі належнымі выплатамі. На жаль, жадаючых аказалася няшмат.

Грамадзян, якія маюць будаўнічую спецыяльнасць, маглі прыняць у свой штат будаўнічыя арганізацыі. Часцей за ўсё — будаўнічы трэст № 32, «ПМК-143». Таксама працу для будаўнікоў прапаноўвала Беларуская АЭС.
Быў арганізаваны «кірмаш вакансій» для маладых грамадзян з ліку сацыяльна неабароненых. Напрыклад, дзяцей-сірот ад 18 да 23 гадоў, на які запрашаліся 20 чалавек. Аднак прыйшлі толькі 6. А да наймальнікаў дайшлі ўсяго толькі тры. Пры гэтым адзін, працаўладкаваны на мясакамбінаце, папрацаваў толькі адзін дзень і звольніўся па ўласным жаданні.
Хачу падкрэсліць, што нашай асноўнай задачай з'яўляецца праца з людзьмі, якія хочуць працаваць. І пра гэта кажуць лічбы.
У 2017 годзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 2 132 грамадзянам, у тым ліку 1 443 беспрацоўным.
323 чалавекі зняты з уліку за няяўку ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці на працягу двух месяцаў, 102 — за адмову ад працы, якая падыходзіць, 4 — у сувязі з датэрміновым прызначэннем пенсіі па ўзросту, расказала Таццяна Віктараўна.
— Разам з тым, у 2017 годзе назіралася нізкая матывацыя да працы ў некаторых катэгорый грамадзян. Звыш 700 чалавек, або больш за 30% агульнай колькасці тых, хто звярнуўся, на працягу года былі зарэгістраваны ў нас тры і больш разоў, звыш 20% — два разы.
Справа ў тым, што згодна з Законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» беспрацоўныя могуць быць знятыя з уліку за дзве адмовы ад прапанаванай падыходзячай працы альбо навучання, і пасля гэтага праз год — зноў зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных. У сувязі з гэтым назіраецца тэндэнцыя, што пад пагрозай зняцця з уліку за другую адмову беспрацоўныя згаджаюцца папрацаваць. А праз месяц-два — зноў вяртаюцца ў аддзел занятасці.
Варта адзначыць, што большасць беспрацоўных не актыўныя ў пошуку працы, а асобныя наогул не жадаюць працаваць. Мэтай іх звароту ў аддзел занятасці, як правіла, з'яўляецца рэгістрацыя для атрымання сацыяльных выплат. Але і з гэтай катэгорыяй грамадзян мы таксама працавалі.
Ствараліся працоўныя брыгады, арганізоўваліся грамадскія работы, якія аплачваліся, на тэрыторыі сельскіх Саветаў, раённага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, у якіх прынялі ўдзел 508 чалавек. Былі створаны пункты па штодзённаму накіраванню на грамадскія работы, што аплачваюцца, грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу: аддзел дзяржаўнай службы занятасці ў Ваўкавыску і сельскія выканаўчыя камітэты.
На жаль, праблему працаўладкавання ў раёне абвастрыў дысбаланс паміж вакансіямі, якіх у нас 455, і складам беспрацоўных. Наймальнікам патрэбны высокакваліфікаваныя работнікі, з адпаведнай адукацыяй, без шкодных звычак. А сярод 298 беспрацоўных большасць і без адукацыі, і са шкоднымі звычкамі, часта змяняюць месца працы, — патлумачыла яна.
Хто ў ліку беспрацоўных?
96 чалавек з іх — падсобныя рабочыя. 40 — вадзіцелі аўтамабіляў, у асноўным легкавых. 41 — дарожны рабочы. А найбольшым попытам у іх карысталася праца вартаўніком ці грузчыкам.
Каб ураўнаваць дысбаланс, у раёне была арганізавана падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі беспрацоўных грамадзян па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы. З кожным праводзіліся індывідуальныя гутаркі. Прадастаўлялася магчымасць перанавучання на газаэлектразваршчыка, повара, прадаўца, кантралёра-касіра, цырульніка і інш. Навучанне прайшлі 78 чалавек, з якіх 32, або 41%, — пад заказ наймальніка. Працаўладкавана 86% ад тых, хто скончыў навучанне ў 2017 годзе. Некаторыя яшчэ вучацца.
У студзені—снежні на часовую працу ў вольны ад вучобы час быў працаўладкаваны 261 навучэнец пры заданні 220. У арганізацыі раёна для набыцця вопыту практычнай работы накіравана 13 беспрацоўных пры заданні 12. На новае месца жыхарства пераселены з іх згоды двое.
У мэтах стымулявання самазанятасці 19 беспрацоўным аказана садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Найбольш запатрабаванымі аказаліся паслугі цырульні. Так, з дапамогай выдзеленай субсідыі цяпер паспяхова працуе індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Чупрэта. Яго цырульня размешчана ў цэнтры горада і называецца «Александрыя». Прадпрымальнік забяспечыў працай не толькі сябе, але яшчэ дваіх цырульнікаў.
У раёне некалькі разоў у годзе праводзяцца мерапрыемствы ў форме «круглага стала» па тэме «Як арганізаваць уласную справу», у якіх прымаюць удзел прадстаўнікі аддзела эканомікі райвыканкама і інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па ваўкавышчыне.
На дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы прынята 200 чалавек.
Гэта ў цэлым за 2017 год. А за кошт стварэння новых прадпрыемстваў працаўладкавана 100 чалавек.
Вынікі 2017 года сведчаць, што сітуацыя на рынку працы Ваўкавыскага раёна не выйшла за рамкі прагнозных паказчыкаў, зрабіла выснову Таццяна Янкоўская. Вынікам работы стала зніжэнне напружанасці на рынку працы.
На 1 студзеня 2018 года каэфіцыент напружанасці склаў 0,6. На аднаго беспрацоўнага прыходзілася 1,7 вакансіі. А напружанасць на 1 студзеня 2017 года была 0,9.
Узровень беспрацоўя на 1 студзеня 2018 года — 0,9% пры заданні не больш за 2%.
— Які сацыяльны партрэт ваўкавыскага беспрацоўнага?
— Па стане на 1 студзеня 2018 года — гэта мужчына ва ўзросце 39,2 года, які мае агульную сярэднюю адукацыю, які доўга  не працуе, з працягласцю беспрацоўя 2,2 месяца.
— Прадстаўнікі якіх прафесій былі найбольш запатрабаванымі ў наймальнікаў у 2017 годзе?
— Вадзіцель аўтамабіля з наяўнасцю ўсіх катэгорый, повар, прадавец, кантралёр-касір, электраманцёр, электрагазазваршчык 4-5 разрадаў, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, аператар машыннага даення, а таксама работнікі сферы мастацтваў, такія як акампаніятар, балетмайстар, культарганізатар.
У заяўленых на сёння вакансіях няма заработнай платы ніжэй 305 рублёў. Напрыклад, шэф-повара падшуквае Ваўкавыскае КУП «Школьнае харчаванне». Абяцаюць заробак 370 рублёў.
Можна ўладкавацца на адно з буйных прадпрыемстваў горада, напрыклад, ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат». Сюды патрабуюцца кладаўшчык, слесар-рамонтнік, абвальшчык (660 руб.) і жылоўшчык мяса (570 руб.), вадзіцель і фармоўшчык каўбасных вырабаў (450 руб).
Пры гэтым неабходна заўважыць, што сярэдняя заработная плата ў Ваўкавыскім раёне за снежань склала 860,8 рубля.
Гэтыя дадзеныя прадастаўлены аддзелам дзяржаўнай службы занятасці:
* на 01.01.2017 года на ўліку ў аддзеле знаходзілася 280 чалавек, колькасць вакансій — 321. За аналагічны перыяд 2016 года — 373 чалавекі, колькасць вакансій — 276;
* на 01.04.2017 года на ўліку ў аддзеле знаходзілася 390 чалавек, колькасць вакансій — 409. За аналагічны перыяд 2016 года — 581 чалавек, колькасць вакансій — 409;
* на 01.10.2017 года на ўліку ў аддзеле знаходзілася 249 чалавек, колькасць вакансій — 567. За аналагічны перыяд 2016 года — 397 чалавек, колькасць вакансій — 349.
* на 01.01.2018 года на ўліку ў аддзеле знаходзілася 298 чалавек, колькасць вакансій — 455. За аналагічны перыяд 2017 года знаходзілася 280 чалавек, колькасць вакансій — 321.
* на 1 лютага 2018 года (па аператыўных дадзеных) на ўліку ў аддзеле знаходзілася 270 беспрацоўных, а колькасць вакансій, заяўленых арганізацыямі — 462. З іх вакансій па рабочых прафесіях — 261.
У студзені 2018 года за дапамогай у працаўладкаванні звярнулася 199 беспрацоўных. І 188 працаўладкаваны.

Гэта добры паказчык. Усяго ж у першым месяцы новага года за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнуліся 235 чалавек. Аказана садзейнічанне — 213.
Як абяцаюць спецыялісты, у 2018 годзе работа па забеспячэнні занятасці насельніцтва раёна і выканання даведзеных асноўных паказчыкаў будзе прадоўжана з улікам сітуацыі, якая складваецца на рынку працы. Будзем спадзявацца, што наш раён не згубіць высокай маркі. Па ўсіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. У тым ліку — і зніжэння беспрацоўя.
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час"