Афіцыйны сайт
14 студзеня 2018

Праца на сямейны дабрабыт. 100 гадоў спаўняецца з моманту стварэння на тэрыторыі Беларусі камісій па справах непаўналетніх

 Сёння спаўняецца 100 гадоў з моманту стварэння на тэрыторыі Беларусі, як і іншых постсавецкіх рэспублік, камісій па справах непаўналетніх. Пра гісторыю і сённяшнія задачы гэтых фарміраванняў мы гутарым з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ваўкавыскага райвыканкама Ірынай Чарнеўскай.

Ірына Юр'еўна, з якіх падзеяў вядзе свой адлік гісторыя камісій па справах непаўналетніх?

 - 14 студзеня 1918 года Саветам Народных Камісараў РСФСР быў прыняты Дэкрэт «Аб камісіях для непаўналетніх». Гэтыя камісіі знаходзіліся ў падпарадкаванні Наркамата грамадскага догляду і складаліся з прадстаўнікоў гэтага наркамата, а таксама пракуратуры і органаў юстыцыі. Дэкрэт быў, як і ўсё ў той час, шмат у чым рэвалюцыйным: згодна з ім, суды і турэмныя зняволенні ў дачыненні да непаўналетніх былі скасаваны, зняволеныя малалетнія злачынцы вызваляліся, а іх крымінальныя справы былі канфіскаваны з кампетэнцыі судоў і перададзены створаным камісіям. Таксама ў задачы камісій уваходзіла работа па выратаванні  дзяцей, якія галадалі, ліквідацыя бездагляднасці і стварэнне спецыяльных дзіцячых устаноў для малалетніх правапарушальнікаў. З цягам часу структура і функцыі камісій па справах непаўналетніх не раз змяняліся. У 1930-х гадах яны былі скасаваныя, але праз некаторы час наспела неабходнасць у іх адраджэнні, і здарылася гэта ўжо ў часы хрушчоўскай «адлігі». У 1957 годзе Савет Міністраў РСФСР зацвердзіў Палажэнне аб камiсiях па ўладкаванні дзяцей і падлеткаў, неўзабаве аналагічныя нарматыўныя акты былі прыняты ў астатніх саюзных рэспубліках. І з таго часу камісіі дзейнічаюць ужо бесперапынна.


Якія іх функцыі на сучасным этапе? 
- Цяпер у камісій па справах непаўналетніх досыць вялікі аб'ём працы. Мы разглядаем усе матэрыялы, якія тычацца правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі, - як адміністрацыйных, так і крымінальных, у тым ліку так званыя адмоўленыя - калі праваахоўныя органы не вядуць праследаванне ў дачыненні да падлеткаў у сувязі з недасягненнем iмi ўзросту, з якога настае адміністрацыйная (14 гадоў) альбо крымінальная (16 гадоў) адказнасць. Таксама камісія разбірае выпадкі, калі дзіця не ходзіць у школу або парушае дысцыпліну, а меры, якія прымаюцца ўстановай адукацыі, не даюць эфекту. Мы тады даём рэкамендацыі дзіцяці і бацькам, тлумачым заканадаўства. Акрамя таго, камісія разглядае адміністрацыйныя матэрыялы на дарослых: за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, калі дзіця здзяйсняе правапарушэнне альбо знаходзіцца на вуліцы пасля 23 гадзін без суправаджэння дарослых; за ўцягванне непаўналетніх у супрацьпраўныя паводзіны - калі дарослыя купляюць па просьбе падлеткаў спіртное або распіваюць з імі алкагольныя напоі, піва. Працуем з бацькамі, абавязанымі згодна з Дэкрэтам № 18 кампенсаваць выдаткі дзяржаве на ўтрыманне іх дзяцей. Сочым за ўмовамі пражывання дзяцей у праблемных сем'ях, удзельнічаем у вырашэнні пытанняў адабрання дзяцей з сем'яў і вяртання ў іх, пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Аналізуем выхаваўчую і прафілактычную работу ва ўстановах адукацыі. І ўсё гэта - толькі частка нашай працы.

Хто ўваходзіць у склад камісіі па справах непаўналетніх?
 - Склад даволі шырокі - гэта каля 15 чалавек, якія прадстаўляюць усе суб'екты прафілактыкі, якія працуюць з непаўналетнімі і з сем'ямі. Узначальвае КСН намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кашкевіч. У складзе - прадстаўнікі аддзела дзяржаўнай службы занятасці (часта даводзіцца вырашаць пытанні занятасці або прафесійнага навучання непаўналетніх, а таксама працаўладкавання абавязаных асоб па Дэкрэце № 18), раённы ўрач-нарколаг (яго заключэнне мае важнае значэнне для рашэння аб вяртанні або незвароце дзяцей у сям'ю), першы намеснік начальніка РАНС (прадстаўнікі МНС кантралююць пры рэйдах бяспечнасць умоў пражывання дзяцей), дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (спецыялісты цэнтра праводзяць вялікую працу з сем'ямі, удзельнічаюць у рэйдах, арганізуюць псіхалагічную дапамогу непаўналетнім, штогод перад летнімі канікуламі праводзяць міжведамасны форум, на якім падлеткі даведваюцца аб магчымасці летняга працаўладкавання і правілах бяспечных паводзінаў). Таксама ў склад камісіі ўваходзяць намеснік начальніка РАУС, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, прадстаўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым сацыяльным прытулкам і райкамам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па дзяцінстве і родадапамозе, дзіцячы ўрач-нарколаг, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і метадыст гэтага аддзела, які адказвае за фізкультурна-спартыўную работу з дзецьмі.

Калі абагульняць усё вышэйсказанае, ці будзе правільным такое вызначэнне: камісія па справах непаўналетніх - гэта раённы міжведамасны каардынуючы орган, усе намаганні якога накіраваны на тое, каб дзеці, па-першае, жылі ў добрых умовах у шчаслівых сем'ях, а па-другое, самі не дапускалі парушэнняў закона?

- Мабыць, так. Вядома, хацелася б, каб многія бацькі лепш усведамлялі сваю ролю ў выхаванні дзяцей, бо займацца гэтым павінна не наша камісія, а яны самі. Да нашага ўмяшання справа даходзіць ужо практычна ў крайніх выпадках. Пры гэтым і дзеці, і бацькі рэагуюць па-рознаму. Адны заўзята абараняюць сваё дзіця, нягледзячы на відавочнасць яго правіны, а дзеці ў такім выпадку адчуваюць сваю беспакаранасць і ўседазволенасць, разумеючы, што бацькі выцягнуць іх з любых абставінаў. А іншыя быццам становяцца відушчымі, задумваюцца над сваімі бацькоўскімі паводзінамі і нават дзякуюць, прыносячы нам квітанцыі аб штрафе. Можна з упэўненасцю сказаць, што цяпер яны будуць будаваць адносіны з дзецьмі інакш, і ў сям'і ўсё наладзіцца. Вось такія выпадкі нас радуюць, і менавіта такой канчатковай мэты сваёй працы мы заўсёды хочам дабівацца. 

Дзякуй за размову! 

У розныя гады адказнымі сакратарамі камісіі па справах непаўналетніх Ваўкавыскага райвыканкама былі Г. Г. Бурдукоў, Л. М. Беліч, С. У. Віхрова, С. М. Кашо, намеснікам старшыні камісіі - Г. А. Арбузава. Па-ранейшаму актыўна цікавіцца працай камісіі яе папярэдні старшыня У. М. Захарчук.