Афіцыйны сайт
2 лютага 2018

Падчас брыфінгу ва УУС Гродзенскага аблвыканкама расказалі пра абставіны асабліва цяжкага злачынства ў Ваўкавыску

Сумесная праца супрацоўнікаў міліцыі, следчых і судова-медыцынскіх экспертаў дапамагае раскрываць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Кожны дзень дзякуючы зладжанай і скрупулёзнай працы атрымоўваецца ўстанаўліваць асоб, падазроных у здзяйсненні злачынства. На прыкладзе трагічнага выпадку ў Ваўкавыску, журналістам расказалі аб тым, як паміж структурамі наладжана праца па раскрыцці асабліва цяжкіх злачынстваў.

2 лютага ў сценах УУС Гродзенскага аблвыканкама адбыўся брыфінг, у якім прымалі ўдзел: першы намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Шастайла, намеснік начальніка УСК па Гродзенскай вобласці палкоўнік юстыцыі Віктар Леган, намеснік начальніка УГКСЭ па Гродзенскай вобласці палкоўнік юстыцыі Дзмітрый Грыневіч. Падчас гутаркі журналістам паведамілі аб абставінах забойства, якое было здзейснена ў горадзе Ваўкавыску.

17 студзеня ў АДС Ваўкавыскага РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў адной з кватэр было знойдзена цела пенсіянеркі 1938 года нараджэння. Пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы было ўстаноўлена, што жанчыне былі прычынены цялесныя пашкоджанні, якія і сталі прычынай смерці. На наступны дзень па факце забойства састарэлай грамадзянкі была ўзбуджана крымінальная справа.

Доказы, якія ўдалося выявіць на месцы злачынств, дапамаглі зразумець, што гэтае забойства рыхтавалася загадзя. У дадатак да ўсяго стала ясна, што зламыснік спрабаваў знішчыць сляды сваёй прысутнасці ў дадзенай кватэры.

Як растлумачыў першы намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Шастайла, на дачыненне да забойства правяраліся розныя катэгорыі грамадзян. Дзверы былі зачынены на ключ, і гэта давала падставу меркаваць, што да ўчынення злачынства могуць мець дачыненне людзі, з якімі забітая падтрымлівала адносіны.

Намеснік начальніка УСК па Гродзенскай вобласці палкоўнік юстыцыі Віктар Леган растлумачыў, што падчас адпрацоўкі версій здарэння праваахоўнікі сталі мець зносіны з унукам забітай. Малады чалавек вучыцца і пражывае ў Мінску, таму да яго была накіравана следча-аператыўная група. Першапачаткова ўнук забітай даў няправільны адрас, але праваахоўнікам удалося ўстанавіць яго месца жыхарства.

Супрацоўнікам органаў правапарадку ўдалося знайсці вопратку маладога чалавека. Як расказаў намеснік начальніка УГКСЭ па Гродзенскай вобласці палкоўнік юстыцыі Дзмітрый Грыневіч, на адным з прадметаў адзення былі выяўлены плямы бурага колеру, падобныя на кроў. Вынікі даследавання пацвердзілі, што на вопратцы знаходзіцца кроў забітай.

На дадзены момант малады чалавек затрыманы. Сваё дачыненне да дадзенага злачынства ён адмаўляе. Праваахоўнікам яшчэ трэба будзе высветліць матыў здзейсненага злачынства. Па папярэдняй версіі, прычынай маглі стаць карыслівыя меркаванні. Крымінальная справа ўзбуджана па частцы другой ст. 139 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – «Забойства састарэлай асобы, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю».