Афіцыйны сайт
2 ліпеня 2019

Неабыякавыя нататкі. Нітка нашай памяці: ад ветеранаў — да ўнукаў і праўнукаў

Я ўжо даўно ўсвядоміў, што кожны новы юбілей вызвалення нашай сінявокай Беларусі — красамоўнае сведчанне мужнасці і гераізму беларускага народа, відавочны і асэнсаваны гістарычны рух наперад нашай Памяці, своесаблівы мост еднасці паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў.

Памяці як  нацыянальнай, усенароднай, так і кожнага беларуса, бо Вялікая Айчынная, калі змагалася з ворагам уся Айчына — ад малога да старога — ужо даўно прапісалася ў сэрцах удзячных нашчадкаў, дзяцей, унукаў і праўнукаў пераможцаў. Памяць пра герояў, якія цаной свайго жыцця заплацілі за Перамогу, у беларусаў закладзена на генным, нават духоўным узроўні!

І як добра, што ў нашай краіне праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення, актыўна праходзяць грамадска-культурныя акцыі “Дарогамі вызваліцеляў”, прысвечаныя вызваленню  Беларусі ў 1943—1944 гадах. Гэтая чарговая шаноўная дата — не проста частка гістарычнай храналогіі, гэта памяць пра мужнасць тых, хто падарыў нам сённяшняе шчаслівае жыццё пад блакітным небам. 

А гэтыя дарогі Вызваліцеляў былі надзвычай складанымі, з крывёю, з жахамі смерці. Менавіта 23 верасня 1943 года савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын тагачаснай Палескай вобласці. З гэтага дня і пачаўся доўгі і цяжкі шлях выгнання акупантаў з бясстрашнай беларускай зямлі. Аднак да вызвалення апошняга населенага пукта — Брэста — прайшоў амаль год… І, дарэчы, супрацьстаянне фашыстам яшчэ больш аб’яднала беларускі народ.

Вызваленне Беларусі — гэта адразу некалькі рашаючых наступальных аперацый, дзеянні шматлікіх падпольных груп, дзейнасць партызанскіх атрадаў, брыгад і злучэнняў. Наступальная аперацыя “Баграціён” карэнным чынам паўплывала на ход сусветнай гісторыі, на вызваленне не толькі Беларусі, але і еўрапейскіх краін. І як агідна сёння чуць, што ў некаторых краінах свету знаходзяцца тыя недалёкія людзі, хто гатовы адрадзіць фашызм, выдаюцца кнігі, дзе ўтрымліваецца хлусня пра нашу Перамогу… Мы, наадварот, павінны чытаць сур’ёзную і праўдзівую мастацкую і дакументальную літаратуру пра вайну, якой безліч старонак як у беларускіх, так і ў расійскіх фондах.

Фактычна пачаткам вызвалення стала бітва за Дняпро. Восенню 1943 года састаўной часткай гэтай бітвы з’явілася Чарнігаўска-Прыпяцкая наступальная аперацыя, праведзеная 26 жніўня—30 верасня 1943 года войскамі Цэнтральнага фронту (перайменаванага ў кастрычніку ў Беларускі фронт) пад камандаваннем генерала арміі К. К. Ракасоўскага. Газета “Правда” пісала: “Гітлераўскія варвары не разумелі, што для ўсяго савецкага народа Днепр — не проста шырокая і глыбокая рака, а рака-святыня, калыска нашай культуры,  носьбіт народных былін і думак”.

А газета “Савецкая Беларусь” ад 9 жніўня 1943 г. змясціла “Зварот воінаў-беларусаў да партызан і партызанак, да ўсяго беларускага народа”: “Перад будучымі вырашальнымі баямі з ворагам мы клянёмся вам, што не пашкадуем ні крыві, ні жыцця свайго ў барацьбе за святую справу, за разгром фашысцкіх катаў. Разам з братамі сваімі, рускімі і ўкраінцамі, разам з воінамі ўсіх народаў Савецкага Саюза мы прынясём вызваленне роднай зямлі, вернем свабоду і радасць роднаму і шматпакутнаму нашаму беларускаму народу”. Дарэчы, 200 тысяч экзэмпляраў брашур, лістовак і 20 тысяч экзэмпляраў газет з гэтым зваротам былі накіраваны ва ўсе партызанскія фарміраванні. Ад імені народных мсціўцаў і насельніцтва БССР было таксама паслана “Пісьмо ў адказ ад партызан, партызанак і жыхароў Беларусі” воінам-беларусам, на якім паставілі свае подпісы сотні тысяч партызан і жыхароў Беларусі.

Сёння нельга забываць, што вялікую дапамогу войскам аказвалі не толькі партызаны, але і звычайныя жыхары, якія рамантавалі дарогі, аднаўлялі ўзарваныя масты, збіралі і рыхтавалі мясцовыя пераправачныя сродкі, паказвалі байцам зручныя месцы для перапраў і дзейнічалі ў якасці праваднікоў.

І як пачэсна, што тэма Вялікай Айчыннай сёння шырока раскрываецца ў СМІ, на радыё і тэлебачанні. Так, агенцтва тэлевізійных навін распрацавала праект “Беларусь помніць”. Радуе, што і Інтэрнэт шчодра дае свае старонкі сведчанням апошніх ветэранаў мінулай вайны. На сайтах устаноў адукацыі, культуры, прадпрыемстваў з’яўляюцца шматлікія матэрыялы, прысвечаныя  вайне. У гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі праходзяць вахты памяці, сустрэчы з ветэранамі, акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”, літаратурныя чытанні “Мы помнім вайну”, літаратурна-музычныя кампазіцыі “Ёсць памяць, якой не будзе канца”, праводзяцца гадзіны памяці “Вайны святыя старонкі навекі ў памяці людской”, праходзяць тыдні мужнасці і славы “Хай не скончыцца памяці крыніца”. У Беларусі актыўна праводзяцца конкурсы чытальнікаў, малюнкаў, сустрэчы з ветэранамі вайны “Зямны паклон вам, героі Перамогі”, “Паклонімся вялікім тым гадам”, тэматычныя  гутаркі “З чаго пачынаецца  памяць аб вайне”, “Маленькія героі вялікай вайны”, “Героі жывуць побач”, завочныя падарожжы “Беларусь партызанская”, “Дарогамі войны”.

 Вучні школ, гімназій, каледжаў пішуць сачыненні “Вайна вачыма нашчадкаў вызваліцеляў”, “Пісьмо салдату”, “Пісьмо ў мінулае”. Моладзь бярэ актыўны ўдзел у фестывалях інсцэніраваннай ваенна-патрыятычнай песні “Песні подзвіга, песні мужнасці” у рамках рэспубліканскай акцыі “Мы гэтай памяці верныя”. У бібліятэках праходзяць выставы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення. Актыўна праводзіцца пошуковая і краязнаўчая праца па вывучэнні матэрыялаў аб загінуўшых воінах-земляках, занатоўваюцца патрыятычныя матэрыялы ў электронныя кнігі “Жывая памяць пакаленняў”. Ладзяцца экскурсійныя паездкі па тэматычных маршрутах “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Курган Славы”, “Буйніцкае поле”, “Лінія Сталіна”, “Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны” і інш. Дарэчы, у гэтым музеі ашчадна захоўваюцца пажоўклыя ад часу газеты, лістоўкі, выдадзеныя ў суровы час. Кожны, хто прыязджае сёння ў Мінск, проста абавязаны наведаць гэты велічны Музей.

Нам ніколі не трэба забываць, што пастаянна павінны добраўпарадкавацца памятныя мясціны, помнікі на малой радзіме. Нельга забываць, што ветэраны, апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай, жывуць побач з намі. Вельмі добра, што ў Беларусі пастаянна, а не толькі ў юбілейны год, паляпшаюцца ўмовы жыцця ветэранаў, адбываецца добраўпарадкаванне помнікаў, салдацкіх пахаванняў. А іх на нашай тэрыторыі — сотні і сотні. Няма ніводнага населенага пункта, дзе б ні было манумента, стэлы, абеліска або помніка загінуўшым салдатам. Бо наступальная аперацыя па вызваленні Беларусі была адной з самых масавых за ўсю сусветную гісторыю. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі больш як 4 мільёны чалавек.

На жаль, за апошнія гады прыкметна скарацілася колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай. 2018 год стаў вельмі драматычным: на пачатак студзеня іх было яшчэ 9 030, на пачатак красавіка — 8 412, на пачатак кастрычніка — 7 457 чалавек. Давайце не забываць і пра гэтыя самотныя лічбы! Не павінна быць забытых герояў.

Канстанцін Карнялюк

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".