Афіцыйны сайт
6 верасня 2019

Да вытокаў душой дакрануўшыся

Вучням сярэдняй школы №1 г.п. Рось пашчасціла пабываць на свяце беларускага пісьменства ў Слоніме.

Пачалася наша вандроўка з удзелу ў квэст-гульні “Код Сапегі”. Мы атрымалі карту з заданнямі, якія тычыліся гістарычных мясцін горада. Выконваючы іх, мы столькі новай інфармацыі атрымалі, столькі даведаліся цікавага! Код у выніку разгадалі Маргарыта Лазар і Уладзіслаў Богдан, за што атрымалі прыз: гульню-вандроўку “Таямніцы даўняга скрыпторыя”.

Незабыўныя ўражанні засталіся пасля наведвання друкарскага двара XVI стагоддзя. Там мы ўбачылі прыстасаванні і машыны рознага часу для друкарскай справы. Колькі было радасці, калі кожны з нас змог адчуць сябе друкаром таго часу! На адноўленым друкарскім станку часоў Ф. Скарыны кожны жадаючы змог раздрукаваць першую старонку старажытнай Бібліі.

Тут жа мы падзівіліся на сапраўдны аб’ект мастацтва: фігуру зубра, якая выканана з дэталяў і шрыфтоў тыпаграфскіх машын і абсталявання XIX—п. XX стагоддзяў.

Тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў свята захапляла сваім размахам і маляўнічасцю. На адной з турыстычных пляцовак гасцей частавалі старажытнымі стравамі па рэцэптах з кніг беларускіх класікаў. Вельмі да спадобы ўсім прыйшліся коласаўскія бліны з прыпекам з паэмы “Новая зямля”.

У гістарычным цэнтры Слоніма з’явілася велічная бронзавая скульптура славутага дзеяча часоў ВКЛ Льва Сапегі, які пакінуў значны след у гісторыі княства і горада. Адкрыццё гэтага помніка адбылося ў гэты ж дзень.

Далей наш шлях прайшоў праз Горад майстраў. Якія таленаваітыя людзі жывуць на нашай Гродзеншчыне! Унікальнымі вырабамі народных умельцаў можна было не толькі палюбавацца, але і набыць іх. Што мы з задавальненнем і зрабілі.

У Слонімскі драмтэатр нас “запрашаў” сам яго заснавальнік Міхаіл Казімір Агінскі. З вялікай ахвотай мы прынялі запрашэнне і не пашкадавалі. Чароўныя гукі паланеза Агінскага напаўнялі ўнутраны дворык, дзе былі размешчаны розныя віды батлеек. У хуткім часе пачалося выступленне самадзейных артыстаў, у якім мы прынялі актыўны ўдзел і нават атрымалі гасцінцы. А ў парку культуры і адпачынку былі арганізаваны выступленне дзіцячых калектываў, інтэрактыўныя гульні, атракцыёны, працавалі павільёны з дзіцячай літаратурай. Можна было не толькі набыць новую цікавую кнігу, але і атрымаць аўтограф аўтара.

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".