Афіцыйны сайт
8 лютага 2018

Будаўніцтва Ваўкавыскай ЦРБ завершаць у 2018 годзе

Аб гэтым сёння перад пачаткам выніковай калегіі паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак.

У інвестпраграму на 2018 год у Гродзенскай вобласці ўключаны некалькі важных аб'ектаў аховы здароўя. У прыватнасці, будзе ў гэтым годзе здадзена цэнтральная раённая бальніца ў Ваўкавыску. Працягнецца праектаванне анкалагічнага цэнтра ў Гродне. Актыўна вядзецца будаўніцтва ў Астраўцы, дзе ўзводзіцца новы будынак ЦРБ. Здача бальніцы, якая стане буйным клінічным цэнтрам, запланавана на 2019 год.

"Мы пастаянна працуем у плане паляпшэння ўмоў для пацыентаў. Да прыкладу, сёння ў Шчучынскай ЦРБ адкрылася пасля капітальнага рамонту хірургічнае аддзяленне", - адзначыў Андрэй Стрыжак.

2017 год у рэгіёне таксама быў багаты на новабудоўлі. Аб'екты ўводзіліся па ўсёй вобласці. У Гродне, у прыватнасці, у новы будынак пераехаў абласны скурна-венералагічны дыспансер, наваселле справілі гарадская паліклініка №7 у мікрараёне Вішнявец, амбулаторыя ў спальным раёне Альшанка. Уведзены ў строй аддзяленне рэанімацыі нованароджаных у дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, палата інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных у Лідзе. Адкрыта амбулаторыя ў Гальшанах Ашмянскага раёна.
У Гродзенскай вобласці створана ў 2017 годзе сетка так званых рэсурсных цэнтраў для дапамогі пры вострым парушэнні мазгавога кровазвароту. Размясціліся яны ў Слоніме, Смаргоні, Лідзе, Ваўкавыску, Гродне на базе ўстаноў, дзе ўстаноўлены камп'ютарныя тамографы. 
"Калі пры выкліку хуткай дапамогі доктар дыягнастуе ў чалавека вострае парушэнне мазгавога кровазвароту, пацыент аператыўна дастаўляецца ў рэсурсны цэнтр, яму праводзіцца тромбалітычная тэрапія. У пацыента няма неўралагічных страт, ён не застаецца інвалідам, выходзіць на працу і працягвае працаваць", - сказаў Андрэй Стрыжак. Рэсурсныя цэнтры абслугоўваюць практычна ўсю Гродзенскую вобласць. У гэтым напрамку таксама неабходна палепшыць прафілактычную работу, інфармаванасць насельніцтва, бывае, што за дапамогай у гэтым выпадку звяртаюцца занадта позна.
За кошт карпатлівай, аналітычнай і сістэмнай працы ў Гродзенскай вобласці ўдалося знізіць ўзровень смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту. Па словах Андрэя Стрыжака, станоўчая дынаміка адзначаецца ў скрынінгу анкалогіі. Хворых з чацвёртай, запушчанай стадыяй стала дыягнаставацца менш, узрасла колькасць выяўленых хворых з першай і другой стадыяй рака - лячэнне на дадзеным этапе больш эфектыўнае і паспяховае.
Запатрабаваныя медыцынскія паслугі Гродзенскага рэгіёну і ў замежнікаў. Спрыяе таму магчымасць без візы на тэрмін да 10 дзён наведваць Гродна і Гродзенскі раён. "Мы правялі аналіз: пры высокім узроўні абслугоўвання цана на шэраг паслуг у нашых медыцынскіх установах ніжэй, чым у суседзяў. У 2017 годзе пралечаны больш за 70 замежных медыцынскіх турыстаў, якія прыехалі без візы. У гэтым годзе чакаем павелічэння іх патоку", - заявіў Андрэй Стрыжак. З мэтай прыцягнення медыцынскіх турыстаў для замежнікаў фірмы арганізоўваюць туры па медустановах Гродна.

БелТА