Афіцыйны сайт
2 лютага 2018

Асуджаныя да пазбаўлення волі. Стала вядома, якія тэрміны атрымалі ўрачы Ваўкавыскай ЦРБ, вінаватыя ў хабарніцтве і службовым падлогу

Ваўкавыскім раённым судом разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні ўрача-тэрапеўта Ваўкавыскай ЦРБ і ўрача-траўматолага-артапеда гэтай жа ўстановы аховы здароўя ў атрыманні хабару, а таксама непрацуючага жыхара Ваўкавыскага раёна ў дапамаганні ў яе атрыманні.

З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што з 25 лютага 2013 па 16 чэрвеня 2017 года ўрач-траўматолаг-артапед і ўрач-тэрапеўт пры дапамозе жыхара Ваўкавыскага раёна ажыццяўлялі за грашовае ўзнагароджанне састаўленне і выдачу даведак аб часовай непрацаздольнасці асобам, якія не маюць патрэбу ў якім-небудзь лячэнні, з мэтай ухілення апошнімі ад выканання працоўных абавязкаў па месцы працы. У ходзе следства было ўстаноўлена 35 эпізодаў злачыннай дзейнасці ўрача-траўматолага-артапеда і 24 эпізоды — урача-тэрапеўта.

Прыгаворам суда Ваўкавыскага раёна ўрачы прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 і 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару, здзейсненае паўторна) і ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог). Яны асуджаныя да пазбаўлення волі. Траўматолаг-артапед тэрмінам на 5 гадоў, а тэрапеўт — на 5 гадоў і шэсць месяцаў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, тэрмінам на 5 гадоў кожнаму. Трэці фігурант справы прызнаны вінаватым па ч. 5 арт. 16 і ч. 1 арт. 431 КК (падбухторванне да дачы хабару), ч. 1 арт. 209 КК (завалоданне маёмасцю шляхам падману —махлярства), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 і 2 арт. 430 КК (дапамаганне ў атрыманні хабару, здзейсненае паўторна), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 427 КК (дапамаганне ў службовым падлогу). Ён асуджаны да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады 6 месяцаў.

У дадзены момант прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Аляксандр ПЯЦЭВІЧ, намеснік пракурора Ваўкавыскага раёна.